23 ліпеня 2008 г. быў прыняты Закон Рэспублікі Беларусь «Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі», які з’яўляецца вынікам шматгадовай працы вялікага калектыву навукоўцаў і зацвярджае новую рэдакцыю існуючых «Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі». Закон уступае ў дзеянне з 1 верасня 2010 г.
Неабходнасць увядзення «Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» абумоўлена наступнымі прычынамі:
- Звод «Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі»,выдадзены ў 1959 г., ужо даўно стаў бібліяграфічнай рэдкасцю і амаль недаступны для карыстальнікаў.
- Правапіс рэгламентуе аднастайную перадачу на пісьме жывой мовы, і таму ён не можа працяглы час заставацца без змен. Беларускі правапіс, які ў значнай ступені грунтуецца на фанетычным прынцыпе, асабліва адчувальны да любых змен у мове, таму ён таксама павінен перыядычна ўдакладняцца і ўдасканальвацца. Асабліва востра паўстала гэта праблема для беларускай мовы ў канцы ХХ ст., калі ў сістэме беларускай мовы і моўнай практыцы адбыліся істотныя змены. Значна абнавіўся слоўнікавы склад мовы, лексіка папоўнілася шматлікімі запазычаннямі, на старонках беларускамоўнага друку атрымалі пашырэнне варыянтныя напісанні. Усё гэта абумовіла надзённасць упарадкавання беларускага правапісу.
- У падрыхтаваным Законе Рэспублікі Беларусь «Аб Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» істотна ўдакладнены ў адпаведнасці з сучасным узроўнем лінгвістычнай навукі фармулёўкі, абноўлены ілюстрацыйны матэрыял. Правілы па-новаму згрупаваны, што робіць іх больш зручнымі для ўспрымання і засваення. У адпаведнасці з сучаснай моўнай практыкай зменшана колькасць выключэнняў. Многія напісанні падпарадкаваны агульным правілам, што прынцыпова аблягчае навучанне беларускай мове.
У прыватнасці, у правілы беларускай мовы ўнесены наступныя змены:
- пашыраецца прынцып перадачы акання пры напісанні запазычаных слоў. Прапануецца, напрыклад, пісаць трыа, адажыа, Токіа і пад. (паводле дзеючых «Правіл» пішацца трыо, адажыо, Токіо). У словах іншамоўнага паходжання канцавыя элементы —эр, -эль прапанавана перадаваць як —ар, -аль: прынтар, камп’ютар, пэйджар і пад. (паводле дзеючых «Правіл» пішацца прынтэр, камп’ютэр, пэйджэр);
- паводле агульнага правіла перадачы на пісьме якання ў першым пераднаціскным складзе прапанавана пісаць словы дзявяты, дзясяты, сямнаццаць, васямнаццаць (паводле дзеючых «Правіл» пішацца дзевяты, дзесяты, семнаццаць, васемнаццаць);
- пашыраецца напісанне нескладовага ў у большасці слоў іншамоўнага паходжання, напрыклад: ва ўніверсітэце, пасля ўнікальнай аперацыі, фаўна і г.д. (паводле дзеючых «Правіл» пішацца ва універсітэце, пасля унікальнай аперацыі, фауна);
- у адпаведнасці з сучаснай моўнай практыкай уносяцца змены ў напісанне складаных і складанаскарочаных слоў. Напрыклад, прапануецца пісаць гаркам, газпрам і г. д. (паводле дзеючых «Правіл» пішацца гарком, газпром);
- уніфікуецца напісанне мяккага знака ў прыметніках на —ск(і), утвораных ад уласных назваў. Прапанавана пісаць чаньчунскі, цяньшанскі, як і любанскі, астраханскі (паводле дзеючых «Правіл» пішацца чаньчуньскі, цяньшаньскі);
- упарадкавана напісанне вялікай і малой літар у назвах органаў улады, арганізацый, прадпрыемстваў, устаноў, а таксама ў назвах асоб па пасадах, званнях, тытулах і г. д.;
- уведзены новы параграф «Вялікая і малая літары ў назвах асоб, звязаных з рэлігіямі, у назвах міфалагічных і казачных герояў». З вялікай літары прапануецца пісаць асабовыя назвы божастваў (бостваў) у рэлігійных культах, а таксама ўсе словы ў спалучэннях, якія змяшчаюць гэтыя назвы: Бог, Усявышні, Святая Троіца і інш.;
- у пачатку і ў сярэдзіне слоў гукавое спалучэнне [й]+галосны перадаецца ётаванымі галоснымі, як і ў словах уласнабеларускіх: Нью-Ёрк, Ёфе;
- рэгламентавана ўжыванне ў беларускай мове дзеясловаў іншамоўнага паходжання з суфіксам —ава- (-ява-) і —ірава- (-ырава-): ліквідаваць, а не ліквідзіраваць, акліматызаваць, а не аклімацізіраваць, але камандзіраваць, а не камандаваць, будзіраваць, а не будаваць і г.д.;
- са зводу правіл выключаны раздзелы «Галосныя ў некаторых ненаціскных канчатках назоўнікаў», «Галосныя ў некаторых канчатках прыметнікаў і займеннікаў», «Галосныя ў ненаціскных асабовых канчатках дзеясловаў». Палажэнні гэтых раздзелаў датычацца не правапісу, а словазмянення і знаходзяць адлюстраванне ў граматыцы беларускай мовы;
- уведзены новы раздзел «Правапіс некаторых марфем», у якім у сістэмным выглядзе сабраны звесткі пра правапіс прыставак, суфіксаў;
- спрошчаны правілы пераносу слоў, што адпавядае сучасным выдавецкім тэхналогіям.
Прапанаваны іншыя ўдакладненні, якія ў цэлым робяць беларускі правапіс больш паслядоўным і несупярэчлівым. Закон Рэспублікі Беларусь «Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» з’яўляецца аптымальным у сучаснай моўнай сітуацыі ў краіне і будзе садзейнічаць стабілізацыі правапісных нормаў беларускай літаратурнай мовы.