Педагагічная гасцёўня «Роднай мовы пералівы»
На базе дзяржаўнай установы адукацыі «Дзiцячы сад № 41 г. Магілёва» 24 студзеня 2025 года адбылося чарговае пасяджэнне педагагічнай гасцёўні «Роднай мовы пералівы» для кіраўнікоў і намеснікаў загадчыкаў па асноўнай дзейнасці ўстаноў дашкольнай адукацыі горада Магілёва па тэме «Таямніцы роднай мовы».
Метадычнае мерапрыемства было накіравана на абмен вопытам па далучэнні педагагічных работнікаў устаноў дашкольнай адукацыі да багацця беларускай мовы і нацыянальных культурных каштоўнасцей беларускага народа.
Пасяджэнне адбылося ў інтэрактыўнай форме: удзельнікі адказвалі на пытанні, выконвалі цікавыя заданні, агадвалі беларускія загадкі. Кіраўнікі і намеснікі загадчыкаў па асноўнай дзейнасці ўстаноў дашкольнай адукацыі паказалі сваю кемлівасць і веданне беларускай мовы.
Інтэрактыўныя гульні, аб’яднаныя тэмай «Таямніцы роднай мовы» , прапанавала Данілава Т.У., выхавальнік дашкольнай адукацыі ДУА «Дзіцячы сад № 41 г. Магілёва».
Шмат цікавага і загадкавага пра абрады і традыцыі беларускага народа даведаліся ўдзельнікі пасяджэння падчас інфармацыйнага часопіса па тэме «Каляды», якi прэзентавала Кузьмянкова Г.Л., намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ДУА «Дзіцячы сад № 41 г. Магілёва».
Сердзюкова І.Э., намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ДУА «Дзіцячы сад № 2 г. Магілёва», у інфармацыйным часопісе «Беларускія лялькі» паведала аб гісторыі беларускай лялькі, яе прызначэнні. Пазнаёміла калег з аўтарскай выставай беларускіх лялек.
Цікава і займальна адбыўся майстар-клас Сердзюковай І.Э. па вырабе беларускай лялькі, вынікам якога стала зробленая сваімі рукамі Калядная каза.
Яркім момантам пасяджэння педагагічнай гасцёўні стала тэатралізаваная пастанова «Гуляем, спяваем — Каляду сустракаем!». Выхаванцы ДУА «Дзіцячы сад № 41 г. Магілёва» і педагагічныя работнікі танцавалі, спявалі беларускія песні, разам з казачнымі героямі прымалі ўдзел у беларускіх гульнях.
Падчас падвядзення вынікаў работы i абмену думкамі метадысты Дзяржаўнай ўстановы адукацыі па навукова-метадычным забяспячэнні ўстаноў адукацыі горада Магілёва Мініч А.А. і Казлова Н.В. адзначылi, што беларуская мова i культура — наша спадчына, якую трэба ведаць, пазнаваць i передаваць падрастаючаму пакаленню.
Ўдзельнікі пасяджэння адзначылі высокі якасны ўзровень мерапрыемства, а таксама выказалі пажаданне працягнуць работу педагагічнай гасцёўні ў наступным навучальным годзе.
Такiм чынам, пасяджэнне педагагічнай гасцёўні спрыяла стварэнню прасторы для зносін на беларускай мове, выхаванню ў педагогаў павагi да роднай мовы і нацыянальных культурных каштоўнасцей беларускага народа.
Казлова Н.В., Мініч А.А.,
метадысты Дзяржаўнай ўстановы адукацыі
па навукова-метадычным забяспячэнні ўстаноў адукацыі горада Магілёва