Гарадское пасяджэнне «Аб мерах па папулярызацыі беларускай мовы ў сферы адукацыі»
27.05.2016 года ў сярэдняй школе № 1 г.Магілёва прайшло гарадское пасяджэнне «Аб мерах па папулярызацыі беларускай мовы ў сферы адукацыі». На пасяджэнні прысутнічаў начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама Андрэй Кунцэвіч.
Нараду праводзіла намеснік старшыні Магілёўскага гарадскога выканаўчага камітэта Алла Галушка. Яна адзначыла тэму нарады, як справаздачу-размову аб стане ўзроўню выкарыстання беларускай мовы ў навучальным, выхаваўчым працэсе ўстаноў дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі. Прапанавала адзначыць пункты гледжання на выяўленне магчымасцей арганізацыі працэсу «ужыўлення» беларускай мовы ў абіход адукацыйных зносін ва ўстановах адукацыі.
Адбыўся дыялог кіраўнікоў сярэдніх школ, прадстаўнікоў Магілёўскай гарадской арганізацыі грамадскага аб’яднання «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны», прадстаўнікоў улады.
Вызначыліся накірункі папулярызацыі беларускай мовы.
З боку сістэмы адукацыі — арганізацыя рознага ўзроўню мерапрыемстваў: выстаў, семінараў, інфарміравання бацькоў, пашырэння практыкі правядзення беларускамоўных дзён раз на тыдзень і ў дашкольных установах, і ў школах і гімназіях. Пры наяўнасці заяў бацькоў (або законных прадстаўнікоў) забяспечыць умовы для навучання на беларускай мове ў сярэдняй школе № 34 Кастрычніцкага раёна і ў сярэдняй школе № 1 Ленінскага раёна.
Удзельнікі нарады адзначылі права кожнага грамадзяніна вызначацца ў выкарыстанні мовы і дамовіліся аб магчымасці правядзення падобных нарад на перыядычнай аснове для каардынавання дзеянняў у азначаным напрамку.
Дырэктар сярэдняй школы № 34 г.Магілёва
Якіменка І.В.